Строка навигации

Дата и время события

На працягу 10 гадоў кожны народ 21 лютага адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш.

Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Дзеля захавання моў, якія апынуліся на парозе знікнення, міжнародны фонд UNESCO абвясціў дзень роднай мовы — каб хоць у такі дзень на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

Родная мова шмат не патрабуе. Але калі ўжо назваў яе роднай, калі лічыш яе такой для сябе — павінен жа быць перад ёй хоць нейкі абавязак. Ці хоць часам пра яе думаць. Калі хоць палова з тых сямідзесяці чатырох працэнтаў, якія падчас апошняга перапісу назвалі роднай мовай беларускую, падумае аб яе лёсе — значыць, не ўсё яшчэ страчана. Хоць адзін дзень. Калі будзе яе афіцыйнае міжнароднае свята.

Калі ты чуеш яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную "трасянку", або мясцовую дыялектную — ведай, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

Дык не дай загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”, цудоўнай роднай мове.

Беларускія пісьменнікі аб мове

Не мілей хіба нам наша родная мова,
Дзе падкрэслена слава народу праз слова.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем... Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!

Францішак Багушэвіч

На вас – моладзі – ляжыць вялікая павіннасць: развіваць далей родную мову.

Цётка

Дык шануй, Беларус, сваю мову –
Гэта скарб нам на вечныя годы;
За пашану радзімаму слову
Ушануюць нас брацця-народы!

Алесь Гарун

Роднае слова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет. Па-гэтаму нам неабходна так старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць і любіць лепшыя творы беларускай літаратуры.

Якуб Колас

Граматычны лад нашай мовы настолькі дасканалы, што дае магчымасць пабудаваць любую фразу, выказаць любую думку.

Кандрат Крапіва

З легендаў і казак былых пакаленняў,
З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,
З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,
З грымучага ззяння бурлівых крыніц,
З птушынага шчэбету, шуму дубровы,
І з гора, і з радасці, і з усяго
Таго, што лягло назаўсёды ў аснову
Святыні народа, бяссмерця яго, -
Ты выткана, дзіўная родная мова.

Максім Танк

Кажуць, мова мая аджывае
Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.

Пімен Панчанка

Беларуская мова мілагучная, ласкавая, як песня ...

Іван Мележ

Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе.
Хто забыў сваю мову – усё згубіў.

Уладзімір Караткевіч

Дала мне маці гэту мову,
Каб не нямым прыйшоў у свет,
Дала мне маці гэту мову,
Як спадчыну і запавет.

Аляксей Пысін

Як самую звонкую ў свеце навуку,
Як ройных вякоў пчаліную спадчыну,
Прымаю па складу, па смаку, па гуку
Мову маю матчыну!..

Пятрусь  Макаль

Мова продкаў нашых і нашчадкаў –
Шэпт дубровы і пчаліны звон, -
Нам цябе ласкава і ашчадна
Спазнаваць ажно да скону дзён.
Па чужых краях не пабірацца,
Не аддаць цябе на забыццё,
Наша невычэрпнае багацце,
Наша несмяротнае жыццё.

Генадзь Бураўкін